ІНДЫ́ЙСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАНГРЭ́С (ІНК),
самая буйная паліт. партыя ў Індыі. Засн. ў 1885 прадстаўнікамі ліберальных бурж.-памешчыцкіх колаў і заможнай інтэлігенцыі. Напачатку выступала як лаяльная апазіцыя англ. калан. рэжыму. У 1920-я г. пад кіраўніцтвам М.К.Гандзі і Дж.Нэру ўзначаліла нац.-вызв. рух у краіне, ператварылася ў арганізацыйна аформленую масавую партыю з шырокай сац. базай (аснова праграмы — прынцыпы гандзізму). Пасля дасягнення Індыяй незалежнасці ў 1947—77 кіруючая партыя. У 1980—89 і 1991—96 зноў на чале ўлады пад назвай ІНК (I) (ад імя лідэра І.Гандзі) і фарміраваў аднапарт. ўрады. У канцы 1980-х — пач. 1990-х г. страціў большасць у парламенце, але заставаўся самай уплывовай партыяй краіны (да 1991 лідэр Р.Гандзі, пазней Н.П.В.Раа). Арганізаваны паводле адм. прынцыпу. Кіруючыя органы; з’езд, Усеінд. к-т, рабочы к-т. Старшыня партыі (з 1998) — С.Гандзі.
Літ.:
Чичеров А.И. Джавахарлал Неру и независимая Индия: (Очерки общественного развития страны в 50—70-е гг.). М., 1990.
В.М.Пісараў.
т. 7, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)